Поиск по сайту журнала:

 

Давид Симанович.Да 2014 года Віцебск пры насельніцтве звыш 370 тысяч чалавек між тым здаваўся мне даволі малым і зручным для асабістага жыцця. Калі пасля работы трошкі затрымаешся ў цэнтры горада, паблізу плошчы Свабоды, дык абавязкова сустрэнеш колькі добрых знаёмцаў. І сярод іх зазвычай паэта Давіда Сімановіча. А калі наведаеш які кніжны магазін, дык вялікая верагоднасць, што пабачышся з ім там і ў суботу, і ў нядзелю… А калі раніцай, дык тым больш. Я не адразу даведаўся, што дактары было настойліва параілі Давіду штодзённы шпацыр, і ён з лёгкасцю вызначыў для сябе гарадскі маршрут. З маленства заўзяты кнігалюб, Давід шпарка крочыў штораніцы ад адной кнігарні да другой — ад «Ведаў» на вуліцы Леніна, бо жыў паблізу, да «Глобуса» каля плошчы Свабоды, потым па мосце цераз Дзвіну да «Светачы» на вуліцы Кірава і нарэшце на чыгуначны вакзал.

Там, у галоўнай зале прытуліўся да сцяны букіністычны кіёск з раскладнымі паліцамі. Ці трэба казаць, што прыветлівы і гаваркі Давід, з якога іскрылася набірушчая бадзёрасць, быў чаканым госцем усіх віцебскіх гандлярак кнігамі. Доўжыў і доўжыў бясконцы раман «гандлярка і паэт».

І вось у маі 2014-га яго не стала. І горад мне здаўся дужа вялікім і перапоўненым выпадковымі людзьмі. Колькі месяцаў я аблудна спадзяваўся, што праз якое імгненне тут, каля кнігарні, вынырне з завулка знаёмая постаць у чорным берэціку набакір.

***

У 1980-м годзе, калі на Віцебшчыне ў сябры Саюз пісьменнікаў прынялі яшчэ двух паэтаў, з’явіліся падставы для стварэння абласнога аддзялення гэтай грамадскай арганізацыі. Добра помню ўстаноўчы сход з той нагоды, які праходзіў у рэдакцыі абласной газеты «Віцебскі рабочы». Старшынствалі на ім знакаміты Іван Шамякін і паэт Сяргей Законнікаў, які на той час узначальваў сектар мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. На сход быў запрошаны і я, тады ўжо супрацоўнік бешанковіцкай раённай газеты «Зара». І перад сходам, і падчас яго правядзення, калі пасля стварэння аддзялення пачалося вылучэнне на пасаду яго сакратара каторага адказнага творцы, у мяне амаль не было сумнення, што ім будзе выбраны Давід Сімановіч, які столькі гадоў па сутнасці дабрачынна выконваў гэтую работу. Але... Сакратаром быў прызначаны іншы чалавек, таксама годны паэт Алег Салтук. Чаму так, думаў я, ды і некаторыя іншыя ўдзелькі таго запамінальнага схода. Можа, «5-я графа» ў пашпарце перашкодзіла, дык яна ж ужо была не надта актуальнай у той час...

Можа, тое, што рускамоўны, але ж пры такім падзяленні беларусы амаль ніколі не мелі перавагі. «Ага, напэўна, і першае, і другое, і штосьці трэцяе…» — падумаў я.

***

Калі я працаваў у абласной газеце «Народнае слова», дык з цягам часу навучыўся ў рэдакцыйных адмыслоўцаў працаваць з праграмай камп’ютарнай вёрсткі Page Maker. А калі авалодаў вёрсткай не толькі газетных старонак, але і кніжак, прапанаваў Давіду скарыстацца гэтым маім умельствам. Хацелася быць хоць чым карысным яму, аддзячыць за ўвагу да маёй творчасці і жыцця. Тым больш, што ў паэта падаспела колькі новых рукапісаў. І я зрабіў арыгінал-макеты для пары яго кніжак.

Асабліва мне запомнілася работа над кнігай «Жоўтыя бяссмертнікі дзяцінства», якая выйшла ў свет у 2005 годзе. Увечары, пасля заканчэння работы Давід прыходзіў да мяне ў рэдакцыю, і мы маракавалі з ім над выглядам яго новай кніжкі. А калі змест быў звярстаны, Давід, на маё здзіўленне, прынёс у рэдакцыю невялікі мяшэчак жоўтых сухіх бяссмертнікаў. І як неўзабаве высветлілася, вельмі трапна. У мяне нязмушана, як бы сама сабой, тут жа ўзнікла ідэя афармлення вокладкі. Мы насыпалі на рабочае шкло сканера кветачкі, зверху я накрыў іх кавалкам шпалераў, які акурат трапіў пад руку і дапасоўваўся колерам да бяссмертнікаў, і так сасканавалі кампазіцыю. Атрымалася пераканаўча: кветкі свяціліся на фоне, не, не шпалераў, пра іх ніхто не мог здагадацца, а ледзь пазначанага някідкага ўзору. Заставалася толькі напісаць на выяве назву кнігі, што і было зроблена.

Але галоўнае тое, што я быў з Давідам сам-насам, шмат размаўляў з ім пра жыццё-быццё і, вядома, пра літаратуру. Ён распавёў мне пра даўні звычай яўрэяў Нароўлі. Калі родныя прыходзілі на могілкі, каб памянуць сваіх нябожчыкаў, па вяртанні дамоў яны кідалі цераз левае плячо за спіну тры жменькі жоўтых бяссмертнікаў: маўляў, спіце спакойна, родныя, а мы пойдзем жыць далей…

Кнігу «Жоўтыя бяссмертнікі дзяцінства» склалі дзённікі і вершы паэта.

***

Перад самай вайной, калі яна, людажэрная, імкліва набліжалася з грымотамі да Нароўлі, малы Давід разам з бацькамі і іншымі сем’ямі на буксіры з баржай, балазе Прыпяць побач, адплылі ў эвакуацыю. Спачатку ў Кіеў, а потым на цягніках — да Узбекістана. Мне асабліва запомнілася адна шчымлівая падзея гэтага выратавальнага падарожжа. Калі даплылі да Кіева і трэба было пакідаць судна, хтосьці здагадаўся раздаць дзецям салодкае багацце, якое везлі з сабой (не пакідаць жа акупантам!) — па скрыначцы цукерак з вядомай Нараўлянскай фабрыкі «Чырвоны мазыранін». Гэта была апошняя слодыч з неадчэпным прысмакам горычы, якую спытваў будучы паэт перад доўгімі ваеннымі гадамі.

Бацька яго Гірш Маісеевіч, згадваў Давід, дужа не хацеў выпраўляцца ў эвакуацыю, усё шкадаваў сваю… кароўку, сваю карміцельку. Ну, як яе кінуць на волю лёсу! Зразумелыя пачуцці чалавека, які жыў з мазаля. Ва Узбекістане хлопчык Додзік, як яго звалі бацькі і равеснікі (нагадаю, што ён нарадзіўся ў 1932 годзе), збіраў бавоўну ды зносіў яе ў хатулях, як падняць, да пункта збору. Калі пасля вайны мінула колькі дзесяцігоддзяў і Давід у складзе групы пісьменнікаў пабывае ва Узбекістане як ганаровы госць, атрымае ён у падарунак святочны вышываны нацыянальны халат і будзе гэтым вельмі ганарыцца.

***

Два гады да смерці ён разам з сябрамі дастаўся на легкавіку да сваёй Нароўлі — душа папрасіла. А па дарозе заехалі на Буйніцкае поле пад Магілёвам. Для наведвання яго ў Давіда была асабістая прычына. Тут жа знаходзіцца і памятны камень Канстанціну Сіманаву. А славуты паэт, можна сказаць, адкрыў яму дарогу ў вялікую літаратуру: напачатку творчага шляху, у 1955 годзе, у часопісе «Новый мир», які ён тады ўзначальваў, з яго падачы была апублікавана падборка вершаў Давіда. Як не пакланіцца памяці Канстанціна

Міхайлавіча, калі з’явілася такая магчымасць!

Калі яны прыехалі ў Нароўлю, Давіда Сімановіча сустракалі як ганаровага госця: сабралі аўдыторыю, наладзілі яго выступленне… Паэт купаўся ў паэзіі, нібы ў маленстве ў Прыпяці...

***

Напрыканцы 1980-х гадоў Давід Сімановіч узначаліў барацьбу за вяртанне ў Віцебск, у горад яго нараджэння, памяці сусветна вядомага мастака Марка Шагала. Пры камуністычным ідэалагічным прэсінгу твор часць Шагала, як вядома, лічылася непажаданай, калі не сказаць, шкоднай. Пра яе амаль не згадвалі. А пра ўшанаванне памяці аб жыцці ў горадзе яго ўраджэнца і гаворкі не было.

У свой час па Віцебску хадзіла пагалоска: амерыканскія турысты прыехалі ў Смаленск, а калі дазналіся, што Віцебск непадалёку, вырашылі заадно пабываць і на радзіме славутага мастака. Прыехалі і давай пытацца ў мінакоў, дзе ў вас музей Шагала або якая помная мясцінка… Пытаюцца, а тыя ў адказ толькі плячыма паціскаюць. Калі ў СССР пачалася перабудова, а з ёй з’явілася і публічнасць у грамадскім жыцці, у абкаме партыі пачалі праходзіць прэс-канферэнцыі. На адной з іх Давід счубіўся з …першым сакратаром абкама партыі Уладзімірам Грыгор’евым, пачаў палка даказваць яму аб неабходнасці ўвекавечання ў Віцебску імя вялікага земляка. Нязвыклы да такой дзёрзкасці ў пярэчанні яму партыйны лідэр рэзка асадзіў паэта. Праўда, праз пэўны час сустрэўся з ім і папрасіў прабачэння за сваю нястрыманасць, а з многімі высновамі Давіда пагадзіўся. Адбылася, як ён казаў, «дыялектыка ў свядомасці».

Але не думаю, што гэты выпадак быў найважнейшым у вяртанні памяці Шагала. Многае вызначылі перамены, якія ў той час адбываліся ў грамадстве, краіне. А вось у зацвярджэнні імя славутага мастака ў родным горадзе Давід Сімановіч сапраўды зрабіў шмат. Тут і стварэнне Шагалаўскага камітэта, і правядзенне першых Шагалаўскіх чытанняў, у якіх прымалі ўдзел запрошаныя ім Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, і шмат іншых мерапрыемстваў, прысвечаных мастаку.

***

Хоць, прызнацца, гэтая актыўная дзейнасць Давіда ў апошнія гады яго жыцця мяне не вельмі займала. Мне ён быў цікавы як чалавек, які з ранніх гадкоў з нізіны пачаў і доўжыў дзесяцігоддзямі супраць стрэчнага ветру эпох узыходжанне на сваю літаратурную вышыню. Разам з неадчэпнай адзінотай і з «вечнай незадаволенасцю сабой» у душы, як напісаў ён у адным са сваіх вершаў.

***

Быў у маім жыцці перыяд, калі хоць адзін дзянёк на тыдні пачынаўся з тэлефоннага званка Давіда. Ён здароўкаўся і адразу чытаў тэкст — кароценькі ўрывачак з дзённікаў Льва Талстога. Урывачкі гэтыя былі хоць чым сугучныя нашаму часу. Як вядома, думкі і пачуцці выбітных мысляроў не старэюць. Такую ўкараніў Давід завядзёнку: гартаў і перачытваў дзённікі, падбіраў «цытату дня» і тэлефанаваў. Было хораша. Ранішнія чытанні абуджалі, узбадзёрвалі і задавалі пэўны рытм жыцця. Так спраўджваў ён  даўнейшую мудрасць: падзяліся з іншымі сваім адкрыццём — і твая радасць падвоіцца. У Давіда была цудоўная бібліятэка. Столькі гадоў штодзённых прагулянак па горадзе, ад кнігарні да кнігарні!..

На паліцах стаялі поўныя зборы Вялікай і Малой бібліятэк паэта, даследніцкія выданні аб жыцці і творчасці ўлюбёнага ім Пушкіна і шмат, шмат іншых тамоў і томікаў.

Калі Давіда з усіх бакоў абклала болем невылечная хвароба і ён не выходзіў з дома, мы з колішнім маім калегам фотакарэспандэнтам Міхаілам Шмерлінгам зноў і зноў наведвалі яго. Сядзелі, звыкла размаўлялі пра «неабавязковае», маўчалі, думаючы пра адно і тое ж, а больш дакладна пра адну і тую ж ва ўсе стагоддзі гнятлівую асобу. І ні разу Давід не падаў знаку аб горкіх, невыносных пачуццях, якія раздзіралі яго душу і цела! Да канца трымаўся свайго правіла жыцця. Хіба што ў вачах яго пакрысе пачынала адбівацца змярканне…

***

«Час раскідваць камяні і час збіраць камяні», сказана ў Эклізіясце. У годнага Давіда, можна сказаць, усё атрымалася наадварот. Спачатку ён старанна збіраў камяні, а потым «раскідваў» — прыладжваў іх да новых гаспадароў. Усё жыццё ён збіраў кнігі, гэтыя трывалыя камяні ў падмурак душы. А напрыканцы жыцця вяртаў іх на новы круг — праз букіністычную краму, падоўжваў духоўны кругазварот кніг у людскім свеце. І шмат, шмат дарыў: маўляў, не бойцеся ісці па маіх слядах, надзейнае, каменнае апірышча пад нагамі!

У абласную бібліятэку імя Леніна перадаў выданні канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў, у бібліятэку імя Уладзіміра Караткевіча — серыі паэтычных зборнікаў. Надзяляў Давід кнігамі і сваіх сяброў-прыяцеляў, у тым ліку і мяне. Калі якую сур’ёзную кнігу ён чытаў асабліва засяроджана і ўдумліва, дык зазвычай пакідаў паміж старонак свае «фірмовыя» закладкі — вузенькія палоскі, нарэзаныя са шчыльнай паперы, з пазначкамі на іх.

У свой час я даведаўся і быў уражаны тым, што Давід ніколі не чытае кнігі лежачы, толькі за сталом, не разгібаючы спіны. Не адпачываў з кнігай, а працаваў з ёй. Калі ён дарыў мне аднойчы такую адметную кнігу, я прасіў:

«Давід Рыгоравіч, толькі не даставайце з яе закладкі, няхай так і застаюцца паміж старонкамі…».

…І яны засталіся. У маёй памяці таксама.

Сяргей РУБЛЕЎСКІ

Друкуецца ў скароце
«ЛІТАРАТУРНАЯ БЕЛАРУСЬ»
№ 5 (189), травень 2022 года

Давид Симанович.